ПАДРЫХТАВАНЫЯ ДЫКТАНТЫ, 3 клас
Беларуская мова
Трэніруемся пісаць пад дыктоўку
Звярнуць увагу на знакі прыпынку (кропкі, клічнік, пытальнік, коскі для выдзялення зваротка).
Снегавік
Хлопчыкі і дзяўчынкі ляпілі снегавіка. Спачатку яны паставілі адзін на адным тры камякі. Замест шапкі надзелі вядзерца. Сухія галінкі паўтыкалі замест рук. Для носа Сярожа прынёс моркву. Для вачэй Ганна знайшла гузікі. Дубчык прымацавалі замест рота. Які прыгожы снегавік атрымаўся!
Возера
Мы прыехалі на возера Свіцязь. Вада блішчыць на сонцы. Няўжо хутка настане зіма? Тонкі лёд ужо скаваў возера. Яно спакойна спіць. Навокал цішыня і чысціня. Як цікава падарожнічаць па Беларусі!
Сляды звяроў вядуць у сасновы лес. У возеры жывуць акуні і шчупакі. Сябры, давайце назіраць за рыбамі праз лёд!
Хутка наступіць зіма
Пачаліся замаразкі. Чорныя хмары навіслі нізка над зямлёю. У паветры заляталі першыя сняжынкі. Хутка ўся зямля пакрыецца белай пушыстай коўдрай.
Снег засыпаў усе сцежкі. Маладыя дрэўцы прыгнуліся пад цяжарам снегу. Белым стала ўсё наваколле.
Вясёлая хмарка
Алеся вельмі любіла кветкі. У дзяўчынкі быў свой садок. Алеся таксама любіла глядзець на хмаркі. Яны былі ўсе розныя.
Аднаго разу Алеся прыкмеціла вясёлую хмарку. Яна часта плавала над яе садам. Хмарка палівала цёплым дожджыкам кветкі.
Прыгожы жучок
На сцяблінцы сядзеў прыгожы жучок. У яго была чорная галоўка і чырвоныя крыльцы. На крыльцах - чорныя плямкі. Распусціў жучок свае лёгкія і празрыстыя крыльцы і паляцеў. Гэты жучок - божая кароўка.
Беларусы
Мы з вамі жывём у Беларусі. Беларусь — гэта наша Радзіма. Мы тут нарадзіліся. Тут будзем вучыцца і працаваць. Мы любім свой горад Смаргонь.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.